Вугорцы? Венгры? Мадзьяры?

У беларускім інтэрнэце назіраецца блытаніна з назвай краіны, што па мясцоваму гучыць як Magyarország (нават не спрабуйце гэта вымавіць). Справа, напэўна, ува ўжываньні тарашкевіцы vs. наркамаўкі, але мовы нашых суседзяў таксама паспрыялі такой разнастайнасьці назоваў.
“Венгрыя”, што ўжываецца ў польскай ды расейскай мовах, адлюстроўвае скажонае слова “(в)угр”, што зараз распаўсюджанае ў форме “фіна-(в)угры”, да якіх, дарэчы, належаць фіны, эстонцы, вугорцы, жыхары цэнтральнай і паўночнай часткак Эўрапейскай Расеі. Літара “н” зьявілася ў выніку насалізацыі (насовае вымаўленьне), што характэрная для некаторых народаў (напрыклад, для палякаў).
Ангельскае “Hungary”, насуперак папулярнай вэрсыі пра паходжаньне ад слова “hungry”, і роднасныя словы германскіх моваў паходзяць ад сярэднявечнай традыцыі атаесамленьня Вугоршчыны з гунамі.
Што да беларускай формы “Вугоршчына” ды украінскай “Угорщина”, зразумела, што этымалёгіяй паходжаньня ёсьць назва народу “угорцы” (угры), да якой беларуская мова дадала сваё уласьцівае прыстаўное “в”. Пагадзіцеся, што “(в)угорцы” нашмат бліжэй да арыгінальнага “угры”, чым незразумелыя “венгры”.
Ну й, нарэшце, “мадзьяры” – гэта саманазоў народу. Так жа іх называюць і суседнія славяне – славакі, чэхі, славенцы, харваты, сэрбы.
Таму адкіньма неўласьцівыя беларускай мове формы й заставіма адну найбольш прымальную – Вугоршчына, вугорац, вугорка, вугорцы, вугорская мова.
Tags: Вугоршчына, вугорац, вугорка, вугорская мова, вугорцы
You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.
Сакавік 27, 2008 at 6:19 pm
a dzie pra dzikich babau??