Вугорская кухня
(паводле артыкула Алеся Белага)
Вугорская кухня складвалася стагодзьдзямі на скрыжаваньні эўрапейскіх (перадусім італійскіх і нямецкіх) і ўсходніх (найперш фіна-вугорскіх, турэцкіх і іншых) традыцый і мае вельмі своеасаблівае аблічча. Коратка вугорскую кухню, тлустую й вострую, як калісьці й шляхецкая кухня Рэчы Паспалітай, характарызуюць словамі “шпік і перац”, але насамрэч яна выкарыстоўвае самыя разнастайныя кампаненты, — амаль усе вугорскія стравы маюць досыць складаную рэцэптуру.
Асноўны спосабы тэрмічнай апрацоўкі — варка, смажаньне й тушэньне. Стравы гатуюць амаль выключна на сьвіным сале, масла й алей ужываюць радзей. Шырока ўжываецца сьмятана, якой запраўляюць і першыя й другія стравы, вырабляюць разнастайныя соўсы. Шмат ужываецца мукі: зь яе гатуюць запраўку, якая надае стравам гушчыню; тархоню — падсушанае цеста, замешанае на яйках, у выглядзе дробных шарыкаў, накшталт крупы, выкарыстоўваецца заміж рысу ў галубцох, фаршыраваным перцы, у гарнірах і г.д.; рулет “рэцеш” зь вельмі тонка раскатанага цеста; разнастайныя клёцкі й г.д.
Вельмі папулярная садавіна, асабліва цыбуля, безь якой немагчыма ўявіць амаль ніводную вугорскую страву, часнык, памідоры, бульба, салодкі перац — папрыка, якую вугорцы ўвялі ў эўрапейскую кухню. Шчодра ўжываюцца сьпецыі. З сушаных здробненых стручкоў папрыкі вырабляюць адмысловы чырвоны парашок, што надае вугорскім стравам востры смак і спэцыфічны водар. Вугорцы па-майстэрску гатуюць рачную рыбу. Многія вугорскія стравы (гуляш, папрыкаш) даўно атрымалі інтэрнацыянальную вядомасьць, хаця часам замежныя інтэрпрэтацыі вугорскіх страваў моцна адрозьніваюцца ад арыгіналаў.
У Беларусі вугорскі культурны ўплыў у Сярэднявеччы адчуваўся значна больш, чым цяпер, дасягнуўшы максымуму за Стафанам Баторым, які значную частку свайго праўленьня правёў у Беларусі (памёр у Гародні). Многія жаўнеры зь ягонага 40-тысячнага вугорскага войска аселі ў Беларусі, паступова асыміляваўшыся. У вугорцаў добра разьвітая культура вінаробства, на працягу многіх стагодзьдзяў вугорскае віно, асабліва такай, было ўлюбёным напоем шляхты Рэчы Паспалітай.
Tags: Вугорская кухня
You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.

