Беларуска-Вугорскія гістарычныя сувязі

(паводле артыкула Алеся Белага)

Вугоршчына – дзяржава ў цэнтральнай Эўропе. Радзімай напаўвандроўных плямёнаў мадзьяраў, роднасных сучасным ханты й мансі, былі стэпы Перадуральля (прыкладна ў раёне сучаснага Башкартастану), адкуль яны праз Прыазоўе й Прычарнамор’е перасяліліся ў Эўропу, заняўшы ў канцы ІХ ст. Сярэдняе Падунаўе. Адтуль зьдзяйсьнялі рабаўнічыя набегі на Заходнюю Эўропу.

Разьбітыя ў 966(?) на рацэ Лех германскім імпэратарам Атонам І, перайшлі да аселага ладу жыцьця, стварылі дзяржаву, якая пры каралі Стафане І Сьвятым прыняла каталіцтва. Вугоршчына вяла актыўную заваёўніцкую палітыку ў Цэнтральнай Эўропе й на Балканскай паўвыспе, падначаліла сабе многія славянскія (харватаў, сэрбаў, славакаў, частку продкаў украінцаў) і ўсходнераманскія народы, у значнай ступені асыміляваўшы іх. З 1092 г. падначаліла Харвацкае каралеўства, што адгэтуль існавала ў сталай асабістай уніі з Вугоршчынай. З канца ХІ ст. прэтэндавала на тэрыторыі Галiцка-Валынскага князтва, часам асаджаючы на галіцкім прастоле вугорскіх манархаў. Берасьцейская зямля, што трапіла ў склад Галіцка-Валынскай дзяржавы, разглядалася вугорскімі фэўдаламі як частка іхнай законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагодзьдзяў авалоданьне ёю як апошнім рубяжом на паўночным ўсходзе лічылася адной са стратэгічных мэтаў вугорскай экспансыі.

З ХІІІ ст. Вугоршчына актыўна падтрымлівала Крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта вугорскі кароль Эндрэ ІІ запрасіў Тэўтонскі Ордэн ува Ўсходнюю Эўропу ў 1222(?), асадзіўшы іх у раёне плято Бырса (сучасная Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з Вугоршчыны й пасяліліся ў Прусыі, але й надалей Вугоршчына працягвала аказваць ім палітычную й вайсковую падтрымку.

Найбольш варожымі адносіны паміж ВКЛ і Вугоршчынай былі ў часы караля Людвіка (Lajos) І Вялікага (1342—1382). Пасля сьмерцi апошняга гаспадара Галiцка-Валынскага князтва (1340) Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедымінавіча, які прэтэндаваў i на Галiчыну. У 1340—1349 галiцкае баярства намiнальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казiмiра III, то Людвiка I. У лютым 1345 Людвік у складзе войска крыжакоў беспасьпяхова асаджаў Вiльню, у 1349—1351 арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша й Берасьцейшчыну. Асаблiва няўдалай для ВКЛ была вайна у лiпені-жніўні 1351, калi Людовік захапiў у палон Любарта й Кейстута. 15.8.1351 г. была падпiсаная дамова, паводле якой ВКЛ мусiла заплацiць вялiкi выкуп, адмовіцца ад прэтэнзыяў на Галiчыну. Кейстут і Любарт адправiліся ў Вугоршчыну як гаранты дамовы й для хрышчэньня, але здолелі ўцячы. Дамова вядомая з хронiкi ананiмнага францысканца, удзельнiка выправы (магчыма, Янаша Кецьйi); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў». (Такая лакалізацыя Белай Русі ўласьцівая вугорскім крыніцам XIV—XVI ст.) У 1352 Людвік быў паранены пад час асады фартэцыі ВКЛ Бэлз на заходняй Валынi. Пасьля заняцьця ім польскага трону ў 1370 войны з ВКЛ узнавіліся, у 1377 Бэлз i Холм разам з Галiчыной часова ўвайшлі ў склад Вугоршчыны; Любарт, падольскiя князi Аляксандар i Барыс Карыятавiчы й ратненскi князь Хведар Альгердавiч (якому належаў i Кобрын з акругай) прызналі сюзэрэнiтэт Вугоршчыны. Людвік высунуў некалькi праэктаў хрысьцiянiзацыi Лiтвы, інiцыяваў стварэньне Луцкай каталiцкай дыяцэзыі ў 1375 г. Пасьля сьмерцi Людвіка ягоная дачка Ядзьвiга была абраная польскай каралевай; ейны шлюб зь Вялікім князем Літоўскім Ягайлам далучыў ВКЛ да заходняе цывілізацыі й даў пачатак шматвекавому дзяржаўнаму хаўрусу ВКЛ і Польшчы. Як і Польшча, у XV—XVI ст. ВКЛ адчувала значны ўплыў Вугоршчыны, асабліва ў матэрыяльнай культуры (распаўсюджаньне вугорскага строю мужчынскай вопраткі, высокі прэстыж вугорскага віна, гатунку сьліваў, выкарыстаньне дукату ў якасьці рэгiянальнай залатой валюты й г.д.).

Трансыльванскі князь Дзьёpдзь II Ракацы імкнуўся аднавіць адзіную “Вялікую Вугоршчыну”, незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імпэрыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. Пад час вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй у 1654-1667 ён падтрымліваў швэдаў, заключыў паміж Швэцыяй, Тpансыльванiяй, Бpандэнбуpска-Пpускiм куpфюpствам і Б. Хмяльнiцкім Радноцкую дамову ў 1656. Меpкавалася, што тытул польскага каpаля pазам з Валыньню, Падляшшам i Беpасцейшчынай дастанецца Ракацы; Куpляндыя, Вiленскае, Тpоцкае й Iнфлянцкае ваяводствы ВКЛ – Швэцыі; ўсходняе ВКЛ – Б. Хмяльнiцкаму, а з Hавагpадскага ваяводства i некаторых іншых тэрыторыяў будзе ствоpанае незалежнае спадчыннае князтва для Багуслава Радзiвiла. Рэалізуючы Радноцкую дамову, швэдска-трансыльванска-казацкае войска 23.5.1657 захапіла Берасце, камэндантам якога быў пакінуты палкоўнік А. Гаўдзі, аднак вугорская акупацыя працягнулася толькі некалькі месяцаў.

Узьяднаньне ўсіх трох частак Вугоршчыны пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстрыйскага войска над туркамі ў Венскай бітве 1683. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683, але вызначылася найбольш рабункамі мірнага насельніцтва габсбургскай часткі Вугоршчыны (на тэрыторыі сучаснай Славаччыны).

Explore posts in the same categories: Беларусь-Вугоршчына

Tags: , ,

You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.

2 Comments on “Беларуска-Вугорскія гістарычныя сувязі”

  1. yu2 Says:

    чаму “дынастыі Ягелонаў,“Ягелонаўскі сьвет”,Уладзiслава Ягелона”???
    можа лепей “Ягайлавiчау, Ягайлавiча” i г.д.

  2. stafanbatory Says:

    Дзякуй, выпраўлена!


Comment: