Вялікдзень і Дзень Волі: сьвяткуем разам
23 сакавіка каталікі Беларусі, Вугоршчыны й усяго сьвету сьвяткавалі галоўную хрысьціянскую ўрачыстасьць – Вялікдзень, Зьмёртвыхпаўстаньне Панскае. З каляндарных прычынаў мы вырашылі аб’яднаць два сьвяты разам – бо ня ўсе нашыя госьці маглі прысутнічаць у аўторак 25 сакавіка на Дзень Волі.
Супольнае сьвяткаваньне зграмадзіла разам ня толькі прадстаўнікоў дыяспары, але й нашых сяброў зь іншых краёў – перадусім Украіны, але таксама Вугоршчыны й нават Эквадору! Мерапрыемства пачалося з традыцыйных Вялікодных біткоў каляровымі яйкамі. На стале прысутнічалі ўсімі любімыя дранікі, прыгатаваныя супольнымі намаганьнямі беларускіх ды украінскіх дзяўчатаў. Госьці даведаліся, што можна смакаваць адначасова некалькі розных страваў з бульбы:) Кульмінацыяй застольля стала ласаваньне рознымі гатункамі традыцыйнай пасхі, ды не пакупных, а выпечаных ласкавымі рукамі нашых гаспадыняў. Нечаканым прыемным гастранамічным адкрыцьцём для нашых гасьцей сталіся беларускія журавіны ў чакалядзе!
Арганізатарамі мерапрыемтва дзеля папулярызацыі народных звычаеў ды абрадаў быў паказаны невялічкі дзьвюхсэрыйны фільм пра традыцыйнае сьвяткаваньне Вялікадня на Беларусі й пра ягоную неад’емную кампанэнту – валачобніцтва.
Таксама не засталося ў баку й сьвяткаваньне Дню Волі. Мы адказвалі на шматлікія пытаньні нашых гасьцей пра становішча ў Беларусі. Асабліва падкаваныя ў беларускай гісторыі панове Віктар і Антось распавялі дэталёвую гісторыю беларускага народу ад малпы да лукашэнкі, зьдзівіўшы й уразіўшы сваімі неардынарнымі ведамі ўкраінскіх дзяўчат:) Безумоўна, імі ж быў праведзены маленечкі “лікбез” пра Вільню й ейную ролю для Беларусі:) Нашыя госьці здалёк, як, напрыклад, панна з Эквадору таксама адкрылі для сябе шмат чаго цікавага наконт беларускай нацыянальнай сымболікі.
Лягічным заканчэньнем вечару былі беларускія народныя, а таксама сучасныя песьні ў выкананьні прадстаўнікоў нашае грамады. На беларускі музычны выклік у выглядзе мэлёдыяў “Песьняроў”, “Старога Ольсы”, “N.R.M.”, “Крамбамбулі” ды іншых украінцы годна адказалі сваімі народнымі сьпевамі, чым парадвалі ўсіх прысутных.
Адзіным, аб чым пашкадавалі госьці й арганізатары, было тое, што пан Аляксей з Баранавічаў так і не наважыўся прадэманстраваць нам свае танцавальныя здольнасьці, хоць калісьці ў школе лепш за ўсіх танчыў “Лявоніху” ды “Крыжачок”:) Будзем спадзявацца, што наступным разам у нас будуць і танцы.
Ці варта казаць, што адразу па заканчэньні вечару на нас пасыпаліся просьбы запісаць беларускай музыкі, даць спасылкі на падручнікі беларускай мовы ды інш. Аніводны зварот не застаўся неразгледжаным:)
На агульную думку, сьвяткаваньне Вялікадня й Дня Волі атрымала вышэйшыя адзнакі й удзельнікі пачалі рыхтавацца да новых сустрэчаў.
Са сьвятам!
Tags: Вялікдзень, Дзень Волі
You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.
