Агульнанацыянальная Дыктоўка
Быць беларусам у дыяспары не заўсёды ёсьць тое ж самае, чымся на Беларусі. Жыцьцё ідзе сваёй хадой, і трэба рабіць пэўныя намаганьні, каб у трызьненьні працоўных дзён памятаць запавет Мацея Бурачка не забывацца на родную мову, што вядзе, на ягоную думку, да клінічных выпадкаў…
Таму беларусы Вугоршчыны з энтузыязмам успрынялі прапанову ладжаньня Агульнанацыянальнай Дыктоўкі. Мы зьвярнуліся ў Згуртаваньне Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, дзе нам ласкава й з радасьцю дапамаглі. Менавіта такім чынам сталася магчымым напісаньне дыктоўкі ў Будапэшце.
Нашым актывістам было прапанавана ўзяць удзел у напісаньні дыктоўкі. Дрыжэньне ў каленках – умоўны рэфлекс на гэтае слова, шырока вядомы са школьных часоў, – быў пераадолены максымальна вольным фарматам. Дыктоўка ня мела на мэце праверку арфаграфіі ці чаго-колечы іншага, але была скіраваная на падтрымку роднае мовы, якая зьведзеная на Беларусі да выкарыстаньня ў культурным гэтта. У гэтым вымярэньні заклік Мацея Бурачка гучыць надзвычай сучасна.
Мы спадзяемся, што такія мерапрыемствы зробяцца рэгулярнымі на Беларусі ды ўва ўсіх мясьцінах на зямлі, дзе жывуць беларусы. Не пакідайма ж мовы нашай Беларускай, каб ня ўмерці!..
Tags: Агульнанацыянальная Дыктоўка
You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.