Беларусістыка ў Будапэшце
(па матэрыялах артыкула пані Ларысы Станкевіч “Беларусістыка ў Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша“)
Беларуская мова ў Будапэшцкім унівэрсытэце імя Л. Этвеша (ELTE) выкладаецца зь верасьня 1994 г. Да гэтага часу вугорскія славісты займаліся, у першую чаргу, гісторыяй беларускай мовы. Успамінае праф. Андраш Золтан: «У сваёй кандыдацкай дысэртацыі я займаўся ўплывам канцылярскай мовы Вялікага князтва Літоўскага на канцылярскую мову Маскоўскага князтва. Так што ўжо ў гэты час, калі я сядзеў над гэтымі старабеларускімі ці стараўкраінскімі тэкстамі, у мяне ўзнікла ідэя: калі зьявіцца магчымасьць, то трэба было б увесьці выкладаньне беларускай мовы ў Вугоршчыне, таму што ўкраінская мова выкладалася ўжо здаўна». Магчымасьць запрасіць лектара беларускай мовы зьявілася пасьля 1990 г. – абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.
У гэты ж час у Будапэшцкім унівэрсытэце імя Л. Этвеша на катэдры расейскай філялёгіі вызваліліся месцы выкладчыкаў у сувязі са зьмяншэньнем попыту на настаўнікаў расейскае мовы (якая да гэтага часу была абавязковай у школе). Праф. А. Золтан узгадвае, што на катэдры патрэбна было пераарганізаваць працу так, каб зьмест практычных заняткаў замяніць ці запоўніць мовамі, якія да гэтага часу ў Вугоршчыне не выкладаліся. Да такіх моў адносілася й беларуская, якая, прынамсі, афіцыйна ніколі раней не выкладалася (толькі ў 1980-81 навучальным годзе лектар Міхал Корчыц вёў факультатыўныя заняткі ўва унівэрсытэце г. Сэгэд). Працаваць над гэтымі рэформамі А. Золтан пачаў, калі стаў загадваць катэдрай у 1991 г.
На Міжнародны зьезд славістаў, што ў 1993 г. ладзіўся ў Братыславе, А. Золтан выправіўся з намерам пазнаёміцца зь беларускімі калегамі, якія маглі б парэкамендаваць каго-небудзь выкладаць беларускую мову. З успамінаў А. Золтана: «Умовы мы маглі прапанаваць ня вельмі добрыя, г.зн. неканкурэнтаздольныя, скажам, з заходнімі унівэрсытэтамі. Але ў тыя часы я думаў, што для маладога выкладчыка гэта магла быць нейкая магчымасць пабыць у іншым асяродку. Таксама задача была незвычайная, паколькі беларуская мова выкладалася не паўсюль на агульнаславянскіх катэдрах у сьвеце. Пазнаёміўся з групай маладых тады калегаў зь Берасьця, у тым ліку й зь Мікалаем Аляхновічам. Расказаў яму пра сваю ідэю, просьбу. Мы разьехаліся. У мяне былі яго каардынаты. І калі я ўжо быў упэўнены, што месца для беларускага лектара існуе, я яму пазваніў і сказаў: «Прысылай!». Праз пэўны час М. Аляхновіч паведаміў, што прыедзе сам. (Аказалася, ня так проста знайсці першага лектара для Будапешцкага універсітэта, і М. Аляхновіч, як чалавек абавязковы, прыехаў уласна).
Такім чынам зь верасьня 1994 г. у Вугоршчыне стала выкладацца беларуская мова. Кандыдат філялягічных навукаў дацэнт Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту М. Аляхновіч стаў першым лектарам у Будапэшцкім унівэрсытэце імя Л. Этвеша. З успамінаў А. Золтана: «Ён [М.Аляхновіч] вельмі актыўна ўключыўся ў арганізацыйнае, навуковае, грамадскае жыццё катэдры. Беларуская мова была нейкай навізной тут. Зьявіліся студэнты, іх было няшмат, але добрыя студэнты пачалі прыходзіць на заняткі па беларускай мове. Ён вёў таксама заняткі па сваёй сьпецыяльнасьці – па фразэалёгіі. І мы разам арганізавалі па ініцыятыве праф. Г. Цыхуна вугорскую асацыяцыю беларусістаў [ВАБ была арганізавана 26 кастрычніка 1994 г.]. І тады мы ўключыліся ў міжнароднае беларусазнаўчае жыцьцё.
У 1995 г. я паехаў на ІІ Міжнародны зьезд беларусістаў. Разам зь Мікалаем перажываў зьмену дзяржаўных сілаў на Беларусі падчас кангрэсу. І я, наогул, крыху шкадую, што першы раз трапіў у Мінск не на год раней. Я ня меў магчымасьці перажываць пад’ём беларускай культуры. Але, нягледзячы на вось гэтыя ня вельмі прыемныя абставіны, я пазнаёміўся з некаторымі калегамі, завязаў пэўныя кантакты. Тут, у Вугоршчыне, мы прадоўжылі працу з дапамогай калегі М. Аляхновіча».
У красавіку 1996 г. А. Золтан і М. Аляхновіч арганізавалі першую ў Вугоршчыне навукова-практычную канфэрэнцыю па беларусістыцы. Успамінае М. Аляхновіч: «Канфэрэнцыя, актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні якой прыняла катэдра ўсходнеславянскай і балтыйскай філялёгіі, прайшла тут, на факультэце гуманітарных навукаў. Матэрыялы канфэрэнцыі былі выдадзеныя асобным зборнікам. Неардынарнасьць падзеі й станоўчыя водгукі на яе адлюстравала прэса абедзьвюх краінаў. Зацікаўлены беларускі чытач мог і змог даведацца з матэрыялаў канфэрэнцыі дастаткова многа новай інфармацыі пра моўныя, літаратурныя, культурна-гістарычныя й этнакраязнаўчыя асновы нашых сувязяў, пра магчымасьці сумесных пошукаў для далейшага супрацоўніцтва. У беларускіх навуковых колах загучалі тэмы цікавых даследаванняў і імёны вучоных зь вядучых цэнтраў Вугоршчыны (Будапэшт, Сэгэд, Дэбрэцэн, Нірэдзьхаза, Печ, Сомбатхей і інш.).
Вельмі цешыць, што канфэрэнцыя дапамагла вугорскім беларусістам вызначыць напрамкі магчымых навуковых дасьледаваньняў на пэрспэктыву, зьявілася пачаткам для распрацоўкі сумесных вучэбна-мэтадычных і навуковых праграмаў. Радуе й тое, што на канфэрэнцыі паспрабавалі свае сілы й некаторыя студэнты, якія вывучалі й вывучаюць беларускую мову. Арыгінальныя іх выступленні, зробленыя на беларускай мове, сьвежыя ў памяці да сёньняшняга дня: пра мову тэкстаў беларускіх татараў (на матэрыяле двух кітабаў) – Крыстына Дуфала; пра ўсходнеславянскую фразэалёгію ў эўрапейскім моўным кантэксце – Эстэр Смолінка; пра беларускі матэрыял на старонках вугорскай літаратурнай энцыкляпэдыі – Віёла Дожа».
Канфэрэнцыя сталася традыцыйнай: «Мовы ў Вялікім князтве Літоўскім і краінах сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Эўропы: аналёгіі й пераемнасьць» (Будапэшт, 25-26 траўня 1998 г.), «Мовы ў Вялікім князтве Літоўскім і краінах сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Эўропы: міграцыя словаў, выразаў і ідэяў» (Будапэшт, 5-7 красавіка 2000 г.), «Мовы Вялікага князтва Літоўскага» (Берасьце, 18-19 траўня 2004 г.).
М. Аляхновіч працаваў у Будапэшце два гады. За гэты час ён апублікаваў у Вугоршчыне шэраг сваіх артыкулаў, прыцягнуў беларускіх калегаў да публікацыі сваіх прац у Вугоршчыне. Заўважым, што, пачынаючы з 1996 г. беларускія вучоныя – мовазнаўцы, літаратуразнаўцы – сталі актыўна друкавацца ў такіх вугорскіх навуковых выданнях як «Studia Russica» і «Studia Slavica». Плённым ёсць і супрацоўніцтва беларускіх вучоных з часопісам «Studia Slavica Savariensia», які выдаецца ў Сомбатхею (доўгія гады адным з рэдактараў гэтага навуковага выданьня быў А. Супрун, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, зараз гэтую традыцыю працягвае прафесар Б. Норман). Бібліяграфія публікацыяў беларускіх вучоных у Вугоршчыне, якую мы сьпецыяльна склалі да сёньняшняй канфэрэнцыі, налічвае звыш 100 працаў, якія прысьвечаныя самым разнастайным праблемам беларускага й супастаўляльнага мовазнаўства й літаратуразнаўства. Гэта працы такіх вядомых беларускіх навукоўцаў, як Г. Малажай, М. Аляхновіча, Г. Цыхуна, С. Запрудскага, М. Прыгодзіча, І. Сацуты, Л. Леванцэвіч, І. Будзько й інш.
Прадстаўнікі вугорскай навукі прынялі й прымаюць удзел у навуковых канфэрэнцыях на тэрыторыі Беларусі: кангрэсы беларусістаў у Менску, канфэрэнцыя па беларуска-расейска-польскім супастаўляльным мовазнаўстве й літаратуразнаўстве ў Вітэбску, канфэрэнцыя па творчасьці Якуба Коласа ў Менску, сумесная сустрэча ў Гародне, прысьвечаная дзейнасьці С. Баторага, навукова-практычная канфэрэнцыя па творчай спадчыне Ф. Янкоўскага ў Берасьці, міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная 80-годзьдзю праф. Л. Шакуна ў Менску й інш. Бібліяграфія публікацыяў вугорскіх вучоных па пытаньнях беларусістыкі налічвае таксама звыш 100 працаў. Гэта працы вядомых вугорскіх славістаў – А. Золтана, І. Удвары, Б. Татара, Л. Сёке, М. Кочыша, К. Палашці і інш.
Добра вядомыя й атрымалі высокую адзнаку ў беларускім навуковым асяродку працы праф. А. Золтана па гісторыі беларускай літаратурнай мовы, пра месца беларускай мовы ў сістэме славянскіх моваў. (Звыш 80 прац А. Золтана прысьвечаныя беларускай тэматыцы. Адна са значных працаў апошняга часу – «Oláh Miklós Athila című munkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása – «Athila» М. Олаха ў польскім і беларускім перакладах XVI ст.»).
М. Аляхновіч займаўся таксама й перакладчыцкай працай: з дапамогай сваіх калегаў і студэнтаў пераклаў шэраг вугорскіх паэтаў (Эндрэ Адзі, Атыла Ёжаф, Дэжа Косталані, Арпад Тот, Лёрынц Саба, Міклаш Раднаці й інш.).
М. Аляхновіч зьяўляецца аўтарам артыкула пра сучасную беларускую мову ў вугорскай энцыкляпэдыі «Мовы сьвету», заснаванай праф. Іштванам Фодарам. Да сёньняшняга дня гэты артыкул зьяўляецца самай грунтоўнай працай, з якой вугорскі чытач можа ўзяць падрабязную інфармацыю пра беларускую мову.
Да сёньняшняга часу лектарамі беларускай мовы працуюць калегі й вучні М. Аляхновіча. Гэта выкладчыкі катэдры гісторыі беларускай мовы й дыялекталёгіі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта: Валяньціна Мароз (1996 – 1998 гг.), Мікола Новік (1998 – 1999 гг.), Натальля Якубук (1999 – 2001 гг.), Ларыса Станкевіч (2001 – па сёньняшні дзень).
Ужо першы беларускі лектар – М. Аляхновіч – плянаваў складаньне падручніка па беларускай мове для вугорцаў. Здзейсніць задуманае ўдалося яго вучаніцы й калезе Л. Станкевіч ужо разам са сваёй студэнткай – Жужай Каткіч. У 2006 г. пад агульнай рэдакцыяй праф. А. Золтана выйшаў першы вугорскі дапаможнік па вывучэньні беларускай мовы – «Дваццаць сустрэч зь Беларусьсю: падручнік па беларускай мове для пачаткоўцаў».
Беларускі лектар В. Мароз дапамагала свайму вугорскаму калегу Л. Сёке ў складаньні вялікага беларуска-вугорскага слоўніка, праца над якім, нажаль, пакуль ня скончаная. Але ўжо пабачыў сьвет вугорска-беларускі слоўнік (аб’ёмам каля 13 000 словаў), аўтарамі-складальнікамі якога зьяўляюцца Атыла Голаш і Ларыса Станкевіч.
Працягваецца й пачатая М. Аляхновічам навуковая праца са студэнтамі (удзел у канфэрэнцыі й публікацыя студэнта лектара В. Мароз – Гезы Кочыша; у Берасьці рыхтуецца да выданьня ў студэнцкім навуковым зборніку артыкул студэнта лектара Л. Станкевіч – Ласла Замбы).
Tags: Беларусістыка, Унівэрсытэт Ларанда Этвеша
You can comment below, or link to this permanent URL from your own site.